Tag Archives: РСХД

Чарговая сустрэча беларускіх тэолагаў і царкоўных служыцеляў у замежжы: Парыж-Шэўтонь-Брусэль 2019

З 9 па 12 лютага 2019 года адбылася чарговая сустрэча беларускіх тэолагаў і царкоўных служыцеляў у замежжы, галоўныя мерапрыемствы якой прайшлі ў Парыжы, Шэўтоні і Брусэлі. Удзел у сустрэчы прынялі дырэктар і члены Цэнтра “Экумена” Наталля Васілевіч (Бонн, Германія),  Наталля Гарковіч (Мінск, Беларусь), святар Аляксандр Шрамко, а таксама д-р Анастасія Вудэн (Каталіцкі ўніверсітэт у Амерыцы, Вашынгтон, ЗША), дыякан Антон Гелясаў (Гальская Мітраполія Ўсясветнага Патрыярхату, Парыж, Францыя), Андрэй Строцаў (магістрант Вышэйшай школы сацыяльных навук (EHESS), Парыж, Францыя)

Адной з нагодаў стала высвячэнне ў дыяканскі сан Антона Гелясава, якое адбылося на свята св. Харалампія, 10 лютага, у Свята-Сцяфанаўскім саборы ў Парыжы (Мітраполія Ўсясветнага Патрыярхату), дзе і будзе здзяйсняць сваё служэнне. Дыяканскае пасвячэнне беларускі праваслаўны багаслоў прыняў з рук Мітрапаліта Гальскага Эмануіла.

Новапасвечаны дыякан Антон Гелясаў, мітр. Гальскі Эмануіл, Наталля Васілевіч і святар Аляксандр Шрамко, сабор св. Сцяфана, Парыж, 10 лютага 2019
Новапасвечаны дыякан Антон Гелясаў, мітр. Гальскі Эмануіл, Наталля Васілевіч і святар Аляксандр Шрамко, сабор св. Сцяфана, Парыж, 10 лютага 2019

Акрамя ўдзелу ў святкаваннях, звязаных з хіратоніяй Антона Гелясава, беларускія тэолагі правялі ў Парыжы сустрэчу са старшынём Рускага студэнцкага хрысціянскага руху Кірылам Салагубам, наведалі Рускі духоўна-культурны цэнтр (Карсунская епархія Маскоўскага Патрыярхату), Свята-Аляксандра-Неўскі сабор (Архіепіскапія праваслаўных рускіх цэркваў у Заходняй Еўропе), пагутарылі пра цяперашнюю сітуацыю, якая складаецца ў царкве ў Еўропе, асабліва што датычыць лёсу Архіепіскапіі.

Наталля Гарковіч, Андрэй Строцаў, Анастасія Вудэн, святар Аляксандр Шрамко пры ўваходзе ў сабор св. Аляксандра Неўскага на вуліцы Дару, Парыж.
Наталля Гарковіч, Андрэй Строцаў, Анастасія Вудэн, святар Аляксандр Шрамко пры ўваходзе ў сабор св. Аляксандра Неўскага на вуліцы Дару, Парыж.

Апроч таго, у Парыжы прайшло працоўнае пасяджэнне арганізацыйнага камітэту па правядзенні багаслоўскай секцыі ў межах 8 Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі, які адбудзецца 27-29 верасня 2019 года ў Вільнюсе, была вызначаная тэма секцыі — “Царква і гвалт: ахвяры, агрэсары і сведкі”, а таксама асноўныя пытанні, якія маюць быць разгледжаныя на секцыі. Удзельнікі сустрэчы таксама абмеркавалі падрыхтоўку першага нумару часопіса міждысцыплінарных і міжканфесійных даследаванняў “Збожжа”, які мае выйсці неўзабаве.

11 лютага дэлегацыя ў складзе Наталлі Васілевіч, Наталлі Гарковіч і Анастасіі Вудэн выправілася ў каталіцкі бенедыктынскі Крыжаўдзвіжанскі манастыр у мястэчку Шэўтонь (Бельгія). Варта адзначыць, што ў 1951 годзе ў Шэўтоні адбылася гістарычная сустрэча беларусаў у межах студыяў БАКА “Рунь”, удзел у якой тады прымалі біскуп Баляслаў Слосканс, Апостальскі Адміністратар Менскі і Магілёўскі, святар Леў Гарошка, будучы біскуп Часлаў Сіповіч, святар Аляксандр Надсан, Вітаўт Рамук, святар Міхась Маскалік, Міхась Наўмовіч, Тодар Мазура і інш. (Гл. падрабязней у “Божым шляхам” (№4(43), 1951). Прадстаўніцы багаслоўскай дэлегацыі азнаёміліся з духоўным і акадэмічным жыццём і дзейнасцю манастыра.

д-р Анастасія Вудэн, Наталля Васілевіч, Наталля Гарковіч ля сцен Крыжаўздзвіжанскага манастыра, Шэўтонь, Бельгія
Д-р Анастасія Вудэн, Наталля Васілевіч, Наталля Гарковіч (“зБожжа”) ля сцен Крыжаўздзвіжанскага манастыра, Шэўтонь, Бельгія, 2019 год
Удзельнікі беларускага студый БАКА "Рунь", 1951 год, Шэўтонь, Бельгія
Удзельнікі беларускага студый БАКА “Рунь”, ля сцен Крыжаўздзвіжанскага манастыра, Шэўтонь, Бельгія. 1951 год

Пасля ранішняга богаслужэння Наталля Васілевіч і Наталля Гарковіч выправіліся ў Брусэль, дзе сустрэліся з Генеральным сакратаром Канферэнцыі еўрапейскіх цэркваў прот. Хейкі Хутуненам, даўнім сябрам Беларусі, а таксама ўдзельнікам праектаў Цэнтра “Экумена”. Яны абмеркавалі сітуацыю ў экуменічным руху ў Еўропе і магчымасці супрацоўніцтва.

Наталля Васілевіч, прот. Хейкі Хутунен (КЕЦ), Наталля Гарковіч
Наталля Васілевіч, прот. Хейкі Хутунен (КЕЦ), Наталля Гарковіч

Наладжванне акадэмічнага, царкоўнага і экуменічнага супрацоўніцтва, а таксама асабістых сяброўскіх кантактаў паміж беларускімі багасловамі і царкоўнымі дзеячамі ў замежжы і ў Беларусі, павышэнне бачнасці і пашырэнне прысутнасці беларусаў у кантэксце еўрапейскага хрысціянскага руху і акадэмічнай супольнасці — гэта адзін з прыярытэтаў Цэнтра “Экумена” і сеткі супрацоўніцтва “зБожжа”.

Свята 90-годдзя Аўтаноміі Эстонскай Апостальскай Праваслаўнай Царквы, рэгіён Сэтума і спяваючы мітрапаліт.

З Польскай аўтакефаліі — у Эстонскую аўтаномію

Кожнае лета ў мяне звычайна здаралася Падзея… то мора, то горы, то цікавыя семінары-спатканні. Думала, зусім жыццё маё асірацела – ні мора, ні семінараў тым летам яшчэ не было, тым больш ніякіх гор. Але вылавіць мяне з глыбінь усядзённасці ўдалося палякам. Перад выездам у Эстонію на святкаванне 90-годдзя аўтаноміі, дзякуючы мясцовым праваслаўным, я з задавальненнем паплавала ў польскамоўным літургічным абшары Варшавы. Вынырнуўшы з натхняючага ўсяхрамнага «амінь, амінь, амінь» падчас анафары, я пагрузілася ў аўтобус да Таліна. «Каково будет целовеніе сіе»?..

“До Таллинна далеко? — Уже даллекко!”

Tallin old town
Талін

Віталі мяне на беразе Балтыкі цёпла — сустракала асабістая памочніца мітрапаліта Стэфана. Яна ж прагуляла маю сціплую асобу па старым Таліне, і я пабачыла, такі, мора. Потым мяне накармілі ў папулярным экзатычным кафэ, якое знаходзіцца ў былым будынку савецкага закрытага завода (штосьці падобнае да нашага Newton, дзе леташняй зімой мы рабілі калядную вечарыну, толькі яшчэ брутальней). Чытаць далей

Праваслаўе можа быць прыцягальным

Знешне эстонскае праваслаўе мала чым адрозніваецца ад маскоўскага, хіба што асноўнай мовай набажэнстваў. Аднак тут яно нечакана падалося мне чымсці цікавым і нават прывабным.

— піша Дзмітры Галко для газеты “Новы час”

Жанчыны-сету і праваслаўныя святары. Крайні злева — мітрапаліт Стэфан

Я хрысціўся ў прыстасаваным пад храм брызентавым вайсковым намёце ў Мінску, на вуліцы Прытыцкага. У тым намёце з скрыпучым драўляным насцілам і печкай-буржуйкай было нешта ад духу першых хрысціянскіх цэркваў. І не толькі ў ім, уся праваслаўная царква здавалася жывой і свежай. Тады мне зусім не сорамна было прызнацца, што я праваслаўны, бо гэта азначала толькі прыняцце мной Хрыстовага дабравесця. Чытаць далей

Праваслаўны летнік Orthofest адбыўся ў эстонскай Вярсцы 25-28 ліпеня

Моладзь з Беларусі ўзяла ўдзел у праваслаўным моладзевым летніку Orthofest, які адбыўся 25-28 ліпеня ў Вярсцы (Эстонія). Мерапрыемства праводзіцца штогод, і сёлета было прымеркаванае да 90-годдзя аўтакефаліі Эстонскай Апостальскай Праваслаўнай Царквы. Летнік наведалі прадстаўнікі Эстоніі, Фінляндыі, Польшчы, Беларусі, Расеі, Францыі і Грэцыі.

Беларускія ўдзельнікі летніка
Беларускія ўдзельнікі летніка перад царквой у Вярсцы

Чытаць далей