З 9 па 12 лютага 2019 года адбылася чарговая сустрэча беларускіх тэолагаў і царкоўных служыцеляў у замежжы, галоўныя мерапрыемствы якой прайшлі ў Парыжы, Шэўтоні і Брусэлі. Удзел у сустрэчы прынялі дырэктар і члены Цэнтра “Экумена” Наталля Васілевіч (Бонн, Германія), Наталля Гарковіч (Мінск, Беларусь), святар Аляксандр Шрамко, а таксама д-р Анастасія Вудэн (Каталіцкі ўніверсітэт у Амерыцы, Вашынгтон, ЗША), дыякан Антон Гелясаў (Гальская Мітраполія Ўсясветнага Патрыярхату, Парыж, Францыя), Андрэй Строцаў (магістрант Вышэйшай школы сацыяльных навук (EHESS), Парыж, Францыя)
Адной з нагодаў стала высвячэнне ў дыяканскі сан Антона Гелясава, якое адбылося на свята св. Харалампія, 10 лютага, у Свята-Сцяфанаўскім саборы ў Парыжы (Мітраполія Ўсясветнага Патрыярхату), дзе і будзе здзяйсняць сваё служэнне. Дыяканскае пасвячэнне беларускі праваслаўны багаслоў прыняў з рук Мітрапаліта Гальскага Эмануіла.

Акрамя ўдзелу ў святкаваннях, звязаных з хіратоніяй Антона Гелясава, беларускія тэолагі правялі ў Парыжы сустрэчу са старшынём Рускага студэнцкага хрысціянскага руху Кірылам Салагубам, наведалі Рускі духоўна-культурны цэнтр (Карсунская епархія Маскоўскага Патрыярхату), Свята-Аляксандра-Неўскі сабор (Архіепіскапія праваслаўных рускіх цэркваў у Заходняй Еўропе), пагутарылі пра цяперашнюю сітуацыю, якая складаецца ў царкве ў Еўропе, асабліва што датычыць лёсу Архіепіскапіі.

Апроч таго, у Парыжы прайшло працоўнае пасяджэнне арганізацыйнага камітэту па правядзенні багаслоўскай секцыі ў межах 8 Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі, які адбудзецца 27-29 верасня 2019 года ў Вільнюсе, была вызначаная тэма секцыі — “Царква і гвалт: ахвяры, агрэсары і сведкі”, а таксама асноўныя пытанні, якія маюць быць разгледжаныя на секцыі. Удзельнікі сустрэчы таксама абмеркавалі падрыхтоўку першага нумару часопіса міждысцыплінарных і міжканфесійных даследаванняў “Збожжа”, які мае выйсці неўзабаве.
11 лютага дэлегацыя ў складзе Наталлі Васілевіч, Наталлі Гарковіч і Анастасіі Вудэн выправілася ў каталіцкі бенедыктынскі Крыжаўдзвіжанскі манастыр у мястэчку Шэўтонь (Бельгія). Варта адзначыць, што ў 1951 годзе ў Шэўтоні адбылася гістарычная сустрэча беларусаў у межах студыяў БАКА “Рунь”, удзел у якой тады прымалі біскуп Баляслаў Слосканс, Апостальскі Адміністратар Менскі і Магілёўскі, святар Леў Гарошка, будучы біскуп Часлаў Сіповіч, святар Аляксандр Надсан, Вітаўт Рамук, святар Міхась Маскалік, Міхась Наўмовіч, Тодар Мазура і інш. (Гл. падрабязней у “Божым шляхам” (№4(43), 1951). Прадстаўніцы багаслоўскай дэлегацыі азнаёміліся з духоўным і акадэмічным жыццём і дзейнасцю манастыра.


Пасля ранішняга богаслужэння Наталля Васілевіч і Наталля Гарковіч выправіліся ў Брусэль, дзе сустрэліся з Генеральным сакратаром Канферэнцыі еўрапейскіх цэркваў прот. Хейкі Хутуненам, даўнім сябрам Беларусі, а таксама ўдзельнікам праектаў Цэнтра “Экумена”. Яны абмеркавалі сітуацыю ў экуменічным руху ў Еўропе і магчымасці супрацоўніцтва.

Наладжванне акадэмічнага, царкоўнага і экуменічнага супрацоўніцтва, а таксама асабістых сяброўскіх кантактаў паміж беларускімі багасловамі і царкоўнымі дзеячамі ў замежжы і ў Беларусі, павышэнне бачнасці і пашырэнне прысутнасці беларусаў у кантэксце еўрапейскага хрысціянскага руху і акадэмічнай супольнасці — гэта адзін з прыярытэтаў Цэнтра “Экумена” і сеткі супрацоўніцтва “зБожжа”.