Zbozza1

Зборнік навуковых артыкулаў “Збожжа”. Выпуск 1. “Царква, рэформы і Рэфармацыя” 2019.

Zbozza1

Да дня Рэфармацыі выкладаем падрыхтаваны цэнтрам “Экумена” ў 2019 годзе першы выпуск зборніка навуковых артыкулаў “Збожжа” на тэму “Царква, рэформы і Рэфармацыя”.

Патрэба ў выданні тэматычнага акадэмічнага альманаха, у якім разглядаліся б праблемныя пытанні багаслоўя, духоўнага і царкоўнага жыцця, міжканфесійных зносін, ролі цэркваў у сучасным грамадстве, а таксама гісторыі хрысціянства ў Беларусі, адчувалася даўно. Афіцыйныя акадэмічныя інстытуцыі аддавалі перавагу часопісам дысцыплінарнай і скіраванасці, царкоўныя выдавецтвы большую ўвагу надавалі публіцыстыцы, і галоўным чынам існуючыя ў Беларусі выданні былі монаканфесійнымі. Адметнасць часопіса “Збожжа” ў тым, што ён, з аднаго боку, арыентаваны на падтрыманне высокага акадэмічнага ўзроўню матэрыялаў, які забяспечваецца рэцэнзаваннем артыкулаў з боку вядомых даследчыкаў і навукоўцаў, вузкіх спецыялістаў у пэўнай сферы. З другога боку, часопіс не звязаны ні з якой афіцыйнай царкоўнай ці акадэмічнай інстытуцыяй, ён з’яўляецца ініцыятывай супольнасці, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных канфесійных традыцый і шырокага спектру дысцыплін, не толькі багаслоўскіх. 

Гэтая супольнасць пачала складацца з удзельнікаў багаслоўскай секцыі Міжнароднага кангрэса даследнікаў Беларусі, якую сіламі Цэнтра “Экумена” атрымлівалася штогадова праводзіць з 2012 года. Секцыя мела тэматычны характар, характарызавалася высокім ўзроўнем прэзентаваных на ёй дакладаў, а таксама змястоўнымі і крэатыўнымі дыскусіямі. Апроч таго, з 2016 года паступова пачынае развівацца супрацоўніцтва паміж беларускімі багасловамі  і царкоўнымі дзеячамі ў замежжы — тымі, хто атрымлівае адукацыю, абараняе дысертацыі, працуе ў заходніх універсітэтах ці ў царкоўных арганізацыях. Першая такая сустрэча, удзел у якой узяла 15 чалавек, прайшла ў траўні 2017 года ў Цюбінгене. Арганізаваў яе Цэнтр “Экумена”. За апошнія гады дзясяткі  беларускіх студэнтаў і даследчыкаў у галіне багаслоўя, філасофіі, гісторыі, палітычнай навукі, культуры, антрапалогіі, сацыялогіі і іншых дысцыплін апынуліся ў замежжы, і яны актыўна ўключыліся ў міжнародную акадэмічную супольнасць, атрымалі прызнанне як інтэлектуалы і навукоўцы, аднак, на жаль, страцілі сувязь з Беларуссю і іншымі беларусамі ў замежжы, і ніякага супрацоўніцтва паміж сабой не мелі, паколькі належылі да розных традыцый, дысцыплін і пакаленняў. У межах сустрэчы ў Цюбінгене было вырашана аб’яднаць намаганні па розных накірунках: па-першае, стварэнне сеткі супрацоўніцтва, абмена інфармацыяй, узаемападтрымкі; па-другое, супольнае планаванне і правядзенне багаслоўскай секцыі на Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі; па-трэцяе, стварэнне альманаха, у якім можна было б дзяліцца адно з аднымі вынікамі сваіх даследаванняў і разважаннямі па вызначаных тэмах.

Першая секцыя новага фармату была праведзена ў межах VII Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі ў верасні 2017 года. Для секцыі была абраная тэма “Ecclesia semper reformanda est: Царква, рэформы і Рэфармацыя”, якая і стала тэмай першага выпуску часопіса, а асноўную частку артыкулаў склалі даклады, якія прагучалі на Кангрэсе. Таксама быў абвешчаны адкрыты збор артыкулаў і эсэ, былі зроблены і адмысловыя пераклады — адзін класічнага старажытнага патрыстычнага тэксту аўтарства св. Аўгустына (Гіпонскага), з якога і прасочваецца генеалогія выразу “Ecclesia semper reformanda est”, а другі тэкст — сучаснага грэцкага багаслова Пантэліса Калайцыдзіса, які прадставіў нам магчымасць апублікаваць яго артыкул. Усе матэрыялы прайшлі працэдуру рэцэнзавання.

Якія рэформы неабходныя сёння ў багаслоўі, літургіі, сацыяльнай пазіцыі цэркваў, іх адміністратыўнай структуры, самаразуменні, а таксама ў ладзе, мове, дыскурсе, мадэлях узамеадносінаў з грамадствам, у этыцы і эстэтыцы? На якой падставе і якім чынам праводзіць гэтыя рэформы? Хто з’яўляецца суб’ектам рэформ? Якія крытэры ацэнкі эфектыўнасці рэформ? Што з’яўляецца асноўнымі першакодамі на шляху рэформ? Якая можа быць роля акадэміі, грамадзянскай супольнасці і экуменічнага супрацоўніцтва ў гэтым працэсе? Ці патрэбна рэформам свая ідэалогія? Ці можам мы наогул казаць у хрысціянскім кантэксце пра рэформы як пра нешта пазітыўнае? Якія пераўтварэнні адбываліся ў царкве цягам ейнага развіцця, як яны абгрунтоўваліся і асэнсоўваліся? Такія пытанні былі прапанаваныя рэдакцыяй і на іх паспрабавалі даць свае адказы аўтары ў артыкулах і эсэ, і, што не менш важна, — сфармуляваць свае пытанні.

ЗМЕСТ

АРТЫКУЛЫ

Ирина Балуненко Возможна ли реформа православного храмостроительства? (pdf, 8,4 Mb)

Елена Белякова  Российский опыт несостоявшихся реформ  (pdf, 4,6 Mb)

Олег Бреский Церковь и преподавание права (pdf, 4,8 Mb)

Наталля Василевич Противный дух века сего: православный ответ на современность в начале ХХ века в рамках всеправославного процесса (pdf, 5,6 Mb)

Анастасія Вудэн (Anastacia Wooden) Vatican II and Its Liturgical Reform: Faithfulness to Tradition in Creative Retrieval (pdf, 4,6 Mb)

Наталля Гарковіч (Natallia Harkovich) The ‘Induced’ Reformation: the Inner Process in the Orthodox Church in the Polish-Lithuanian State (late 16th — early 17th century) (pdf, 4,7 Mb)

Антон Гелясов Кодификация канонического права в православной церкви: история и актуальные проблемы (pdf, 4,6 Mb)

Раиса Зянюк Рэалізацыя пастаноў ІІ Ватыканскага сабору ў БССР (па матэрыялах справаздач упаўнаважаных Савета па справах рэлігійных культаў) (pdf, 4,7 Mb)

Павел Котаў Вялікае Княства Літоўскае і чэшская Рэфармацыя ў першай трэці XV стагоддзя (pdf, 5,1 Mb)

Пётр Рудкоўскі (Piotr Rudkouski) Teologia jako program badawczy w ujęciu Nancey Murphy (pdf, 4,6 Mb)

Андрэй Строцаў Марнасць гвалту і дарэмнасць дару: палітычнае вымярэнне літургічнай рэформы (pdf, 5 Mb)

Алена Харко “История церкви только началась…” К экзегетическим и экклезиологическим предпосылкам протоиерея Александра Меня (1935-1990) (pdf, 4,6 Mb)

Василий Чернов Богослужебные реформы в Церкви Англии в ХХ веке и их социально-политические последствия (pdf, 4,7 Mb)

ЭСЭ

Александр Шрамко Современное православие: дороги и бездорожья реформ (pdf, 4 Mb)

ПЕРАКЛАДЫ

Пантэліс Калайдзыдзіс Надаць новыя імёны: імкненне да абнаўлення і рэформы ды небяспека гістарычнай маргіналізацыі праваслаўя (пер. Наталлі Гарковіч) (pdf, 4 Mb)

Святы Аўрэлій Аўгустын Казанне 181 (пер. Кацярыны Керквуд) (pdf, 4 Mb)

Спампаваць выпуск №1 цалкам: Збожжа-1 (pdf, 16Mb)

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *