Кангрэс даследчыкаў Беларусі і Цэнтр “Экумена” запрашаюць да ўдзелу ў секцыі “Царква і гвалт: ахвяры, агрэсары, сведкі”

congressАргкамітэт Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі абвяшчае збор індывідуальных заявак для ўдзелу ў VIII Кангрэсе, які адбудзецца 27-29 верасня 2019 года ў г. Вільня (Літва).

У межах Кангрэсу пройдзе традыцыйная секцыя, прысвечаная тэалогіі і гісторыі Царквы. У 2019 годзе для секцыі абраная наступная тэма “Царква і гвалт: ахвяры, агрэсары, сведкі”. Каардынатар секцыі — тэолаг Наталля Васілевіч.

У межах секцыі прадугледжаны 4 панэлі:

a. Гвалт як праблема: багаслоўскія ідэі, супольнасць, каноны, літургія

b. Царква: ахвяры: досвед супраціву, ганенняў і міжканфесійнага супрацьстаяння

c. Царква: агрэсары — дэканструкцыя рэпрэсіўных канцэптаў, нормаў і практыкаў, рэлігійныя дысідэнты і рэлігійны фундаменталізм

d. Царква: сведкі — на чыім баку ў канфліктах, на якіх пазіцыях у публічных дыскусіях?

Міждысцыплінарная секцыя мае разгледзіць праблему гвалту ў багаслоўскім, кананічным, літургічным, сацыялагічным, палітычным, антрапалагічным і гістарычным кантэкстах. Любоў, ісціна, свабода, хараство, дабро — гэта ключавыя багаслоўскія і этычныя катэгорыі хрысціянства. Аднак на працягу свайго гістарычнага шляху і ў сучаснасці царква і рэлігія становіцца прасторай гвалту і прыгнёту — культурнага, палітычнага, сімвалічнага, рэпрэсіўным інстытутам, прадукуе дыскурс гвалту і агрэсіі, салідарызуецца з агрэсарамі, ігнаруе гвалт ці апраўдвае яго. У сучасным свеце асаблівую актуальнасць набывае праблема рэлігійнага фундаменталізму, падмуркам якога выступаюць рэлігійныя ідэі і практыкі. У той жа час, царква ў цэлым ці нейкія рэлігійныя групы і асобныя дзеячы могуць станавіцца ахвярамі пераследу і гвалту, пакутнікамі, вызнаўцамі, дысідэнтамі. У межах міждысцыплінарнай секцыі будзе разглядацца шырокае кола пытанняў, звязаных з гвалтам: багаслоўскае асэнсаванне самой праблемы гвалту — у яе рэлігійным, сацыяльнымі, палітычным, культурным і асабістым вымярэнні; роля цэркваў у сучасных грамадскіх дыскусіях па пытаннях абортаў, смяротнага пакарання, хатняга гвалту, рэлігійнага фундаменталізму, дыскрымінацыі, свабоды рэлігіі і правоў чалавека ў цэлым, асэнсаванне рэпрэсій; дэканструкцыя маніпулятыўных, рэпрэсіўных, дыскрымінацыйных практыкаў, якія існуюць у рэлігійных супольнасцях і ў сучасным грамадстве; нормы, кантроль і легітымны гвалт, досвед і наратывы ахвяраў, агрэсараў, сведак гвалту, магчымасці спынення прыгнёту, прымірэння, захаванне памяці; ахвярапрынашэнне ў літургічным, багаслоўскім, палітычным кантэксце; сэксуальнасць і гвалт. 

Прыняць удзел у Кангрэсе можна ў якасці выступоўцы (для гэтага трэба прадставіць тэзісы памерам 2-4 тыс. знакаў) ці госця без даклада.  Можна таксама падаць заяўку на арганізацыю прэзентацыі навуковых, культурных, выдавецкіх праектаў, выставаў і г.д. Арганізацыйны камітэт вітае ўдзел у Кангрэсе журналістаў і прадстаўнікоў СМІ.

Падаць заяўку можна тут. Даклады прымаюцца на беларускай, рускай, украінскай, польскай і ангельскай мовах.

Тэрмін падачы заявак — 25 мая 2019 года.

Па выніках секцыі у 2020 годзе мяркуецца выданне зборніка дакладаў у адмысловым тэматычным нумары навуковым рэцэнзаваным часопісе “Збожжа”.

Кангрэс з’яўляецца самай прадстаўнічай беларускай штогадовай акадэмічнай і экспертнай падзеяй, у працы якога прымаюць удзел усе асноўныя інтэлектуальныя цэнтры даследавання грамадства, палітыкі  і культуры Беларусі. Акрамя гэтага, правядзенне Кангрэса ‘яўляецца выдатнай магчымасцю для распрацоўкі новых жыццяздольных даследчых і грамадскіх праектаў, абмену думкамі і ідэямі, усталявання нефармальных кантактаў з прадстаўнікамі экспертных і акадэмічных супольнасцяў Беларусі і другіх краін.  

Місія Кангрэса – развіццё супольнасці навукоўцаў, аналітыкаў і экспертаў, а таксама спрыянне больш глыбокаму разуменню Беларусі ў акадэмічных асяродках краіны, рэгіёну і свету.

Першыя шэсць кангрэсаў прайшлі ў г. Коўна (Літва), у 2017 году месцам правядзення Кангрэсу была абраная Варшава (Польшча), а ў 2019 годзе — сталіцы Літоўскай Рэспублікі г.Вільня. Пачынаючы з 2011 года Цэнтр “Экумена” ўдзельнічае ў арганізацыі багаслоўскай тэматычнай панэлі кангрэсу.

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *