Невычарпальная радасць – чатыры прапановы братоў Тэзэ на 2018 год

Валанцёрыць на сустрэчах Тэзэ я пачала з 2012 года ў Рыме і кожны раз мне “выпадаюць” розныя заданні, на сустрэчы 2017 года ў Рызе я працавала ў групе прыёма, прымала лідараў груп, раздавала мапы горада і распавядала пра праграму сустрэчы. Сустрэча ў Базелі (Швейцарыя), якая адбылася з 28 снежня 2017 да 1 студзеня 2018, была юбілейная, 40-я сустрэча хрысціянскай моладзі з усёй Еўропы Тэзэ. Гэтым разам я працавала ў камандзе царквы, дапамагала ў арганізацыі малітваў, мела прывілей ствараць атмасферу і запальваць свечы, сустракаць і вітаць моладзь на уваходзе ў малітоўную залю, а некалькі разоў мая роля была звяртаць увагу пілігрымаў на тое, што у малітоўным залі павінна быць цішыня і трэба выключаць мабільныя тэлефоны. Асаблівую атмасферу на малітвах ствараюць таксама песні Тэзэ — на розных мовах.

Laudate omnes gentes

Ад Беларусі ў Швейцарыю прыехала больш за 500 удзельнікаў – каталікоў, пратэстантаў і праваслаўных — з Мінска, Пінска, Ліды, Гародні, Берасця, Полацка і іншых гарадоў. Адметнасць гэтай сустрэчы – надзвычайная гасціннасць мясцовых жыхароў, а таксама падрыхтоўка мясцовых супольнасцяў да прыёму пілігрымаў. Мяне прымала нямецка-швейцарская сям’я, вельмі гасцінныя і добрыя людзі, якія акрамя таго, што далі там гасцявы пакой (у якім мы жылі ўтраіх, 3 чалавекі з Беларусі), распавядалі цікавыя гісторыя пра жыццё ў Швейцарыі, падарожжы, іх сям’ю і іх асабістую гісторыю з Тэзэ.

Амаль усе 20 000 удзельнікаў атрымалі рассяленне ў сем’ях, у Швейцарыі, Нямеччыне, Францыі. Былі арганізаваны дадатковыя цягнікі, трамваі, аўтобусы ў кожным з рэгіёнаў Базэля і паблізу памежжа. Арганізацыйны бок сустрэчы цалкам задаволіў удзельнкаў і даў магчымасць засяродзіцца на малітвах, сустрэчах, разважаннях. Галоўная тэма гэтай сустрэчы – радасць.

Першая прапанова Брата Алоіса – паглыбляць крыніцы радасці. Па словах братоў Тэзэ -хрысціянская вера – гэта таемная крыніца, гэта невычарпальная сіла, якую кожны можна знасці ў сябе. У Базэлі было шмат нагодаў парадавацца разам – падчас сумесных малітваў, падчас святкавання свята народаў і рэгіянальных сустрэчаў.

Другая прапанова Брата Тэзэ – пачуць людзей, якія патрабуюць нашай падтрымкі, тых, хто пакутуе, дапамагчы тым, хто праходзіць праз выпрабаванні. Што неабходна чалавеку, хто пакутуе? Асабісная размова, падтрымка, сяброўства. Сяброўства важна не толькі для таго, хто сумуе, яно важнае для кожнага, бо адкрывае нашае сэрца, робіць нас міласэрнымі, эмацыйнымі, спагадлівымі і з’яўляецца крыніцай для радасці. Асабісныя сустрэчы ў нашым свеце вельмі важныя – сустрэчы дапамагаюць раскрыць сваю асобу і даведацца больш пра іншага. Яшэ брат Алоіс звярнуў увагу на тое, што мы маем прыслухоўвацца не толькі да патрэбаў нашых блізкіх, а да патрэбаў нашай Зямлі, бо экалогія і наш лад жыцця патрабуе асэнсавання і разумнага стаўлення да выкарыстання рэсурсаў Зямлі.

Трэцяя прапанова на гэты год – падзяляць выпрабаванні, падзяляць радасці іншых. Унутраная радасць не памяншае салідарнасці з іншымі, яна наадварот, падтрымлівае яе. Яна дапамагае нам выконваць свае абавязкі і працягваць свій зямны шлях.

Чацвёртая прапанова – радавацца дарам адзін аднога, паміж хрысціянамі. Імкруцца да аб’яднання хрысціянаў, каб увагу звяртаць на тое, што нас, хрысціянаў аб’ядноўвае, а не на тое, што раз’ядноўвае. Экуменічны падыход, дыялог цэркваў, спазнанне розных традыцый і культураў дапамагае нам быць бліжэй, быць разам і радавацца разам.

Фота - Ірына Крупская
Фота — Ірына Губская 

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *