Першая працоўная сустрэча беларускіх тэолагаў і царкоўных служыцеляў у замежжы: Цюбінген-2017.

З 2-га па 4-га чэрвеня ў Цюбінгене прайшла Першая працоўная сустрэча беларускіх тэолагаў і царкоўных служыцеляў у замежжы. Удзел у мерапрыемстве, мэтай якога было асабістае і прафесійнае знаёмства і наладжванне супрацоўніцтва, прынялі 12 чалавек з Аўстрыі, Беларусі, Бельгіі, Нямеччыны, ЗША і Францыі.

Удзельнікі каля дома ў гонар Адольфа Шлятэра (Schlatterhaus), дзе праходзіла мерапрыемства. Дом належыць Пратэстанцкай студэнцкай супольнасці.
Удзельнікі каля дома ў гонар Адольфа Шлятэра (Schlatterhaus), дзе праходзіла мерапрыемства. Дом належыць Пратэстанцкай студэнцкай супольнасці.

Па выніках сустрэчы было вырашана стварыць сетку супрацоўніцтва зацікаўленых багасловаў, царкоўных служыцеляў і актыўных хрысціян беларускага паходжання, якія пражываюць у Заходняй Еўропе і Амерыцы. Такая сетка стане платформай для супрацоўніцтва, узаемадапамогі, інфармацыйнай і інстытуцыйнай падтрымкі для саміх яе ўдзельнікаў, а таксама для тых беларускіх навукоўцаў і студэнтаў, якія плануюць працягваць сваё навучанне ці пашыраць свае даследаванні ў замежжы. Апроч таго, у межах сеткі супрацоўніцтва мяркуецца ажыццяўленне супольных міждысцыплінарных багаслоўскіх праектаў, звязаных з асэнсаваннем актуальных для Беларусі царкоўных і сацыяльных пытанняў, уключна з развіццём багаслоўскай секцыі Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі, а таксама з інфармаваннем замежнай царкоўнай і свецкай аўдыторыі аб Беларусі, гісторыі развіцця хрысціянства і хрысціянскай думкі, а таксама аб актуальных царкоўных і грамадска-палітычных працэсах у краіне.

Удзельнікі сустрэчы калі ўваходу ў капліцу ў гонар св. Марыі Ягіпецкай (Берлінская епархія, Маскоўскі Патрыярхат), Цюбінген.
Удзельнікі сустрэчы калі ўваходу ў капліцу ў гонар св. Марыі Ягіпецкай (Берлінская епархія, Маскоўскі Патрыярхат), Цюбінген.

У нядзелю, на свята Пяцідзясятніцы, удзельнікі мерапрыемства правялі праваслаўнае богаслужэнне на царкоўна-славянскай, нямецкай і беларускай мовах: служылі, спявалі і маліліся разам з прыходам св. Марыі Ягіпецкай (Берлінская епархія, Маскоўскі Патрыярхат). Прыхажане з цеплынёй прывіталі беларускіх багасловаў і царкоўна-служыцеляў.

Богаслужэнне на свята Пяцідзясятніцы. Прапаведуе госць сустрэчы - святар Аляксандар Шрамко (Мінск).
Богаслужэнне на свята Пяцідзясятніцы. Прапаведуе госць сустрэчы — святар Аляксандар Шрамко (Мінск).

На першым этапе супрацоўніцтва на парадку дня стаіць стварэнне базы даных зацікаўленых асобаў, з апісаннем іх інстытуцыйнай заангажаванасці, тэматычных даследніцкіх інтарэсах, кампетэнцыях. Запрашаем патэнцыйных удзельнікаў сеткі кантактаваць з Наталляй Васілевіч (n@vasilevi.ch), а таксама далучацца ў фэйсбуку да суполкі “зБожжа: беларускія хрысціяне ў замежжы”.

Сустрэча прайшла ў доме ў гонар Адольфа Шлятэра ((Schlatterhaus), які належыць Пратэстанцкай студэнцкай супольнасці (ESG) пры арганізацыйнай падтрымцы Цэнтра “Экумена” і  пры фінансавай падтрымцы фонда Пратэстанцкай царквы ў Нямеччыне “Brot für die Welt”, які забяспечыў ўдзельнікам стыпендыі на пражыванне. Значная падрыхтоўчая праца на месцы была забяспечана дактаранткай Цюбінгенскага ўніверсітэта Ганнай Нётцел.

Справаздачу пра сустрэчу ад яе ўдзельніцы Маргарыты Тарайкевіч можна прачытаць на сайце “Беларускі партызан”.

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *