Летняя школа па правах жанчын і дзяцей у Салоніках

З 31-га траўня па 4-ае чэрвеня у г.Салонікі, Грэцыя, прайшла летняя школа па правах жанчын і дзяцей, арганізаваная Канферэнцыяй еўрапейскіх цэркваў і тэалагічным факультэтам універсітэта Арыстотэля. Публічнае абмеркаванне такіх пытанняў выклікае моцны рэзананс, але найчасцей праблемы, якія вынікаюць з правапарушэнняў адносна дзяцей і жанчын, не атрымоўваюць належнай увагі ў грамадстве альбо ўвогуле замоўчваюцца. Яскравы прыклад таму – гвалт супраць жанчын. Кожная трэцяя жанчына ў свеце з’яўляецца ахвярай гвалту.[1] Нягледзячы на шакавальную статыстыку, супрацьстаянне праблеме ў шматлікіх выпадках не толькі не падтрымліваецца, але нават перашкаджаецца з боку грамадства, уладаў, царквы і г.д.

Напрацягу чатырох дзён дакладчыкі – спецыялісты ў вобласці тэалогіі, пастырскай дзейнасці, прадстаўнікі Савета Еўропы і НАТА, а таксама незалежных арганізацый – дзяліліся сваімі разважаннямі і досведам на тэму правоў жанчын і дзяцей з багаслоўскага, практычнага і юрыдычнага пункту гледжання.

У дзень, прысвечаны правам дзіцяці, удзельнікі школы даведаліся пра асноўныя дакументы, якія рэгулююць ахову дзіцячых правоў. Галоўным сярод іх з’яўляецца Канвенцыя ААН па правах дзіцяці. Тэолаг Йоран Гуннэр падзяліўся разважаннямі пра сучасныя адносіны да дзяцей у хрысціянскіх цэрквах. Пастар Лука Баратта прадставіў некаторыя біблейскія тэксты, у якіх прысутнічаюць фігуры дзяцей, а таксама распавёў пра свой досвед тлумачэння Бібліі разам з дзецьмі. Выступоўцы заклікалі да сур’ёзнага ўспрымання дзіцячай перспектывы падчас працы з біблейскімі тэкстамі і ўключэння дзяцей у гэты працэс.

Гэты блок заняткаў завяршыўся натхняльным візітам у Дэндрапатамас — трушчобы цыганскай меншасці ў Салоніках. У адным з самых аддаленых і бедных раёнаў горада айцец Атэнагорас Лукатарыс з камандай памочнікаў і памочніц дапамагаюць цыганскім дзецям атрымаць адукацыю, пераадольваючы цяжкасці сацыяльнага асяроддзя. Каля дзесяці год таму валанцёры пачыналі з таго, што ўранку прыходзілі дамоў да дзяцей, кармілі іх сняданкам, дапамагалі памыцца ды адзецца, збіралі школьны ранец, а пасля рыхтавалі дзецям абед. Сёння дзесяць падапечных і ўсыноўленых хлопчыкаў жывуць пастаянна ў доме “Маяк свету”. Каля двухсот дзяцей з наваколля атрымоўваюць разнастайную падтрымку, каб займацца навучаннем у школе. Айцец Атэнагорас імкнецца прывабіць да адукацыі і дзяўчынак. Атрыманне адукацыі не толькі дапамагае ім раскрыць свае здольнасці і дасягнуць поспехаў у будучыні, але і дазваляе пазбегнуць ранняга шлюбу па ўстояным цыганскім звычаі. Такім чынам, зніжаецца колькасць дзіцячых шлюбаў у цыганскім асяроддзі ў цэлым.

На наступны дзень удзельнікі пазнаёміліся з праваслаўнай, пратэстанцкай, экуменічнай пазіцыяй адносна правоў жанчын у грамадстве і царкве, а таксама з практыкамі цэркваў адносна гэтых пытанняў. Праваслаўны тэолаг Катарына Пекрыду сказала, што, каб знайсці новыя рашэнні ў пытаннях жаночага служэння, праваслаўнай царкве патрэбна адкрыта пераглядзець разуменне царкоўнага служэння ў цэлым. Яна звярнула ўвагу на наяўнасць сур’ёзных багаслоўскіх даследаванняў і распрацовак па пытаннях жанчын у царкве і заклікала да дзеяння студэнтак ды студэнтаў тэалагічнага факультэта. Доктар Фулата Мбана-Мойа, прадстаўніца Сусветнага савету цэркваў, прапанавала ў дыскусіях на гендэрныя тэмы акцэнтаваць увагу на гендэрнай справядлівасці, а не на гендэрнай роўнасці. Роўнасць, адлюстраваная ў лічбах, яшчэ не сведчыць пра роўныя магчымасці і ўлік патрэб і цікавасцей жанчын у розных сферах грамадскага жыцця.

Апошні блок летняй школы быў прысвечаны праблематыцы правоў жанчын і дзяцей у бежанстве і ў турмах. Цікава было даведацца пра досвед працоўнікаў незалежных і праваахоўных арганізацый у Грэцыі. Пабачыць сітуацыю на ўласныя вочы можна было падчас візіту ў лагер для бежанцаў Дзіавата, размешчанага ў мяжы горада. Відавочна неабходнасць матэрыяльнай і псіхалагічнай падтрымкі для людзей, якія апынуліся ў стане бежанства і вымушаны жыць няпэўны час у складаных умовах. Разам з тым нават праз кароткія сустрэчы і размовы з людзьмі, якія насяляюць лагер, можна заўважыць шматбаковасць і неадназначнасць сітуацыі. У гэтай сітуацыі здаецца неабходным весці перамовы з самімі мігрантамі, прыцягваць іх да дыскусіі і працэса прыняцця рашэнняў.

Даведацца больш пра праграму школы, а таксама паглядзець біяграфіі дакладчыкаў можна па наступнай спасылцы: http://www.ceceurope.org/summer-school/

Прачытаць уражанні пра школу Наталлі Васілевіч можна на сайце Сусветнай студэнцкай хрысціянскай федэрацыі: In Christ there are both males and females, both grown-ups  & children.

[1] http://www.unwomen.org/en/digital-library/multimedia/2015/11/infographic-violence-against-women

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *