Семінар “Еўрапейскі дыялог: дзяржава, грамадства і цэрквы ў Беларусі”

Цэнтр “Экумена” разам з Берлінскай Пратэстанцкай Акадэміяй (Evangelische Academie zu Berlin) і Сеткай інфармацыі па Ўсходняй Еўропе n-ost (Network for Reporting on Estern Europe) ладзілі19-28 сакавіка ў Беларусі семінар “Еўрапейскі дыялог: дзяржава, грамадства і цэрквы ў Беларусі”, удзел у якім прынялі грамадскія і рэлігійныя актывісты і журналісты з Беларусі, Польшчы, Нямеччыны, Нідэрландаў, Францыі, Гішпаніі. Цягам тыдня, праведзенага разам, удзельнікі сустракаліся з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў, няўрадавых арганізацый, палітычных партыяў, з журналістамі, рэлігійнымі дзеячамі, навукоўцамі, аналітыкамі, творчымі асобамі, прадстаўнікамі дыпламатычных місіяў у Беларусі; наведвалі розныя імпрэзы і мерапрыемствы, цікавыя месцы.

У першы дзень для журналістаў была праведзеная экскурсія па Менску, пазней яны яшчэ раз прагуляліся па “Горадзе сонца” разам з Артурам Клінавым. Другі дзень быў прысвечаны габрэйскаму жыццю ў Беларусі і ён праходзіў на базе “Гістарычнай майстэрні”, кіраўнік якой К.Козак расказаў пра гісторыю халакосту ў Беларусі і гістарычнай памяці пра Другую Сусветную вайну. Удзельнікі таксама сустрэліся з рознымі прадстаўнікамі габрэйскіх арганізацый і супольнасцей — Я. Басіным, А.Ліўшчыцам, Л.Левіным, якія распавялі ім пра сучасны стан габрэйскага жыцця ў Беларусі.

Трэці дзень семінару быў прысвечаны рэлігійнаму жыццю ў Беларусі, перад удзельнікамі выступілі В. Брэская, Н.Васілевіч, А.Ладзісаў, А.Шаўчук, Дз. Шыла, Р.Даўгяла, А. Бокун, Дз. Шаўцова, якія расказалі пра розныя вымярэнні царкоўнага жыцця: Царкву і палітыку, міжканфесійны дыялог, дынаміку развіцца канфесій, а таксама пра асаблівасці рэлігійнасці ў Беларусі, Закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”, розныя асветніцкія і культурніцкія хрысціянскія ініцыятывы. У пятніцу 26 сакавіка ўдзельнікі мерапрыемства таксама наведалі праваслаўную выставу “Вербны кірмаш” і Канцэрт хрысціянскай песні, арганізаваны Цэнтрам “Экумена”.

У аўторак, 23 сакавіка, журналісты і грамадскія актывісты сустракаліся з няўрадавымі арганізацыямі, а таксама дзяржаўнымі чыноўнікамі і прадстаўнікамі БРСМ. У гэты сам дзень адбылася таксама сустрэча з прадстаўнікамі амбасады ФРГ.

Наступны дзень семінару быў выязны — удзельнікі наведалі комплексы “Лінія Сталіна”, Курапаты, Малы Трасцянец, вёску Дружная, дзе жывуць перасяленцы з Чарнобыльскай зоны і будуюцца экалагічныя дамы, а насельніцтва карыстаецца энергіяй ад ветравых установак.

У чацвер, 25 сакавіка, адбылася сустрэча з прадстаўнікамі Еўрапейскай Камісіі і палітычных арганізацый у Беларусі, вечар жа ўдзельнікі правялі ў кавярні “Жар-птушка” на беларускай фальклёрнай танцавальнай вечарыне.

У перадапошні дзень, 26 сакавіка, удзельнікі працягвалі сустракацца з рознымі ініцыятывамі, арганізацыямі, цікавымі людзьмі, бралі інтэрвію, аналізавалі атрыманую за тыдзень інфармацыю, дыхалі мясцовым паветрам.

Большая частка сесіяў семінару адбывалася ў Мінскім Міжнародным Адукацыйным Цэнтры.

Глядзіце таксама інфармацыю на сайе Берлінскай Пратэстанцкай Акадэміі: European Dialogue “State, society and churches in Belarus”

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *