Секцыя “Цэрквы ў войнах і войны ў цэрквах: ідэі, гісторыя, паўсядзённасць” прайшла ў межах Кангрэсу даследнікаў Беларусі

Секцыя па багаслоўі і гісторыі цэркваў, прысвечаная тэме “Цэрквы ў войнах і войны ў цэрквах: ідэі, гісторыя, паўсядзённасць” і арганізаваная пры падтрымцы Цэнтра “Экумена”, прайшла ў межах V Кагрэсу даследнікаў Беларусі, які адбыўся з 1 па 4 кастрычніка ў Каўнасе, Літва.

Version 2
Удзельнікі секцыі святар Аляксандар Шрамко, Пётр Буцянёў, Наталля Васілевіч, Павел Котаў. Рэгістрацыя на Кангрэс.

Секцыя насіла міждысцыплінарны характар і сабрала даследнікаў з розных дысцплін. У межах секцыі было разгледжана шырокае кола пытанняў, звязаных з тэалагічным асэнсаваннем вайны і міру ў цэлым, сацыяльным вучэннем цэркваў датычна вайны і міру, уплывам войнаў на самавызначэнне цэркваў, даследаваннем ролі цэркваў і асобных іх прадстаўнікоў у гістарычных канфліктах, а таксама з іх пэўнымі міфалагізаванымі вобразамі. Галоўным чынам, удзельнікі секцыі звярнулі ўвагу на сюжэты, звязаныя з міжканфесійным і царкоўна-дзяржаўным супрацьстаяннем у рэгіёне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, дзейнасці і становішчы цэркваў ва ўмовах Другой сусветнай вайны і “халоднай вайны”, рэлігіі і яе інструменталізацыі ва ўкраінскім канфлікце, канцэптуалізацыі ды ідэалагізацыі гістарычнай памяці, звязанай з войнамі. Каардынатарамі секцыі выступілі Наталля Васілевіч і Надзея Белякова.

Спецыяльна запрошанымі гасцямі сталі:

Пётр Буцянёў (Peter Bouteneff), амерыканец беларускага паходжання, спадкаемца славутага беларускага шляхецкага роду Храптовічаў-Буцянёвых, прафесар дагматычнага багаслоўя Свята-Уладзімірскай семінарыі ў Ню-Ёрку (ЗША), сусетна вядомы праваслаўны багаслоў, у мінулым — шматгадовы сакратар камісіі Сусветнай рады Цэркваў “Вера і царкоўны лад”. Д-р Буцянёў зрабіў даклад на тэму “Ці можа вайна быць добрай?”, у якім прапанаваў спробу этычна-багаслоўскай дэканструкцыі канцэпцыі вайны як “меншага дабра”, якую развіў у кнізе “The Virtue of War” амерыканскі святар Аляксандр Вэбстэр, праваслаўн вайсковы капелан.   На думку Пятра Буцянёва, нават пазітыўнае інструментальнае значэнне падзеяў і рэчаў (пакуты, хваробы, катаклізмы) — магчымае ці актуальнае — не робіць гэтыя рэчы самі па сабе добрымі. На вайне могуць праяўляцца найлепшыя чалавечыя якасці — напрыклад, ахвярнасць, аднак гэта ні ў якім разе не робіць вайну талераванай як “меншае дабро”.

Кірыла Гаварун (Cyril Hovorun), выбітны ўкраінскі багаслоў і царкоўны дзяяч, даследніцкі супрацоўнік Ельскага універсітэта (ЗША), патролаг, палітычны тэолаг, які займаецца багаслоўскім асэнсаваннем ўзаемадзеяння царквы з рознымі сацыяльнымі інстытутамі, дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю, праблемаў ідэнтычнасці царквы ва ўмовах плюралістычных каштоўнасцей. Архімандрыт Кірыла — аўтар т. зв. “тэалогіі Майдана”, праз якую ён прапанаваў багаслоўскую рэфлексію вытокаў украінскай рэвалюцыі і ролі цэркваў у ёй. Украінскі даследнік таксама з’яўляецца аўтарам шматлікіх аналітычных артыкулаў, прысвечаных вайне, якая распачалася ў 2014 годзе на тэрыторыі Украіны, і ў сваім дакладзе ён прапанаваў канцэптуалізацыю гэтых падзеяў і ролі ў ёй рэлігійных структур і ідэалогій. Асэнсаванне ўкраінскага крызісу з багаслоўскай пазіцыі, на погляд дакладчыка, — гэта не проста інструмент пераадолення адзінкавага — няхай і маштабнага, і трагічнага — канфлікта. Гэта таксама і спроба дэканструкцыі палітычных ідэалогій (у прыватнасці ідэалогіі “рускага свету”), якія паразітуюць на рэлігійным дыскурсе і рэлігійных інстытуцыях, — таму гэтая задача мае больш далёкія наступствы для самавызначэння рэлігійнай супольнасці. Даклад архім. Кірылы, прадстаўлены ў суботу раніцай, выклікаў надзвычай бурлівае абмеркаванне сярод удзельнікаў секцыі, прадстаўленых, у тым ліку, і вядомым беларускім прыхільнікам ідэалогіі “рускага свету” Аляксандрам Бендзіным.

Алена Белякова, вядомы расійскі гісторык і кананіст, супрацоўніца Інстытута расійскай гісторыі Расійскай акадэміі навук, прадставіла агляд кананічнай спадчыны ў рускім праваслаўным абшары датычна вайны і забойства на вайне, прасачыла генеалогію кананічных нормаў, пачынаючы ад эпохі рэцэпцыі візантыйскіх помнікаў кананічнага права да сённяшняга дня, а таксама прапанавала свае разважанні пра прычыны і перадумовы трансфармацыі стаўлення да ўдзелу ў вайне і пазбаўлення жыцця ў ваенных дзеянняў ва ўмовах фарміравання імперскай ідэалогіі.

congr2015-2
Архімандрыт Кірыла Гаварун, святар Аляксандар Шрамко, Наталля Васілевіч і Надзея Белякова.

Усе тры даклады паказалі, што нярэдка царкоўнае стаўленне да вайны і ўдзелу ў ёй мае ідэалагічную ці сітуатыўную абумоўленасць, а царква як грамадская інстытуцыя ацэньвае ўдзел у вайне ў цэлым, а таксама прыймае той ці іншы бок у ваенным канфлікце, зыходзячы не са сваёй аўтэнтычнай маральнай пазіцыі, а з атаясамлення сябе з пэўнымі ідэалагічнымі і палітычнымі сіламі і каштоўнасцямі. Такім чынам, важнай багаслоўскай задачай з’яўляецца дэканструкцыя (у тым ліку самарэфлексіўная) ідэалагічных падмуркаў і надбудоваў багаслоўскай, этычнай і кананічнай спадчыны.

Шэраг дакладаў прадставілі таксама і ўдзельнікі Цэнтра “Экумена”:

Аляксандар Шрамко на прыкладзе ацэнкі розных стратэгіяў ва ўмовах акупацыі Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны прапанаваў разглядаць любую ўладу як умоўна “акупацыйную”, такім чынам, радыкалізуючы маральнае пакліканне царквы. Беларускі праваслаўны святар таксама закрануў пытанне атаясамлення царквы сябе з рознымі палітычнымі сіламі, і вывеў маральнае патрабаванне, заснаванае не на прагматычным прынцыпе “дабротаў” — ці нават самога “выжывання”, але сцвердзіў неабходнасць таго, каб царква знаходзілася на баку тых, каго пераследуюць. Не на баку тых, хто мацней, не на баку тых, хто лепей ставіцца да царквы, не на баку тых, чые каштоўнасці найбольш блізкія да разумення самой царквы, і нават — не на баку самой сябе, але разам з тымі, хто найбольш прыніжаны і пераследаваны, на баку ахвяры. На погляд Аляксандра Шрамко, Халакост стаў “іспытам” для хрысціянскіх цэркваў, крытэрам аўтэнтычнай “царкоўнасці” ў гады акупацыі Беларусі, і гэта быў іспыт, які, фактычна, цэрквамі быў “правалены”, за выняткам асобных царкоўных дзеячаў, такіх, як, напрыклад, святар Аляксандар Коўш, закатаваны гестапа за дапамогу габрэям. Габрэі заставаліся “чужымі”, і царква, якая і сама перажыла жахлівыя рэпрэсіі ў савецкі час, і апекавалася жыццём праваслаўнага і беларускага насельніцтва на акупаваных тэрыторыях — ці супрацоўнічаючы з акупацыйнымі ўладамі, ці дапамагаючы партызанам, пакінула па-за ўвагай прароцкае пакліканне і прароцкі выклік Халакосту. Апроч таго, святар Аляксандар разгледзіў, якім чынам фарміруецца “памяць пра вайну” ў сучаснай праваслаўнай царкве, адзначыўшы наяўныя стратэгіі “забывання” непрыемных момантаў і “гераізацыі” іншых, нярэдка міфалагічных.

Наталля Васілевіч, дырэктар Цэнтра “Экумена”, у сваім дакладзе прадставіла генеалогію дыскурсу экуменічных стасункаў Рускай Праваслаўнай Царквы з пач. ХХ стагоддзя, калі экуменічны рух фарміраваўся ідэалагічна і інстытуцыйна, да сённяшняга дня — на падставе аналізу афіцыйных дакументаў Рускай Царквы, а таксама выступленняў яе ключавых афіцыйных фігур. Даследніца зрабіла спробу прааналізаваць асноўныя элементы мілітарысцкай рыторыкі як на лексічным, так і на ідэалагічным узроўні, вызначыць багаслоўскія, культурныя і палітычныя перадумовы яе фарміравання. Наталля Васілевіч прадэманстравала, як гэты дыскурс уплывае на сама-ідэнтычнасць Царквы як рэлігійнай арганізацыі і суб’екта палітычнай і сацыяльнай дзейнасці, як “палітычны” момант уплывае на эклезіялогію, пераважаючыя метафарычныя вобразы царквы (як “бастыёну”, “стаячага на варце”), прыводзіць да актуалізацыі паняццяў “суверэнітэту”, “межаў” царквы, “кананічнай тэрыторыі” і г.д.; на асэнсаванне мэтаў, задачаў, стратэгіяў яе дзейнасці ў сацыяльным полі, якія таксама пачынаюць вызначацца ў катэгорыях “барацьбы”, “абароны”, “ваеннага” рэжыму існавання. Апроч таго, былі прааналізаваныя вобразы “пагрозаў”, “ворагаў”, “саюзнікаў”, мадэлі ўзаемадзеяння (“альянс”, “пакт”, “агульны фронт”), стасункі Рускай Праваслаўнай Царквы з іншымі хрысціянскімі цэрквамі ў лакальных кантэкстах, а таксама на ўзроўні рэгіянальных і глабальных дыялогаў і экуменічных арганізацый.

Дзмітры Шыла ў сваім дакладзе “Абарона адзінаверцаў у іншай краіне як casus foederis і casus belli ў Цэнтральна-Ўсходняй Еўропе XVI-XVII стст.” прадэманстраваў, якім чынам узнікае сам канцэпт “абарона адзінаверцаў”, і якое рэлігійнае і ідэалагічнае значэнне ён мае ў якасці нагоды ці абгрунтавання ваенных дзеянняў, у прыватнасці, у выпадках “абароны праваслаўных” у ваеннай палітыцы Расейскай імперыі ў дачыненні да Рэчы Паспалітай. Даследнік прапанваў цікавую рэканструкцыю мадэлі ідэнтычнасці, якая грунтуецца на “ўяўным” ці “сапраўдным” атаясамленні грамадзян, якія належаць да канфесіі меншасці, з іншай дзяржавай, дзе гэтая канфесія з’яўляецца дамінуючай.

Адмысловая панэль была прысвечана цэрквам у кантэксце “халоднай вайны”, дакладчыкамі на якой былі Надзея Белякова, Кірыл Емяльянаў, Таісія Белякова, Вера Клюева. 

Апроч гэтага ў межах секцыі выступілі наступныя даследнікі: Раіса Зянюк, Павел Котаў, Андрэй Крот, Антоні Мірановіч, Аляксандар Бендзін, Людміла Іванова, Алена Барун, Вольга Рымко, Таццяна Касатая, Святлана Карасёва, Марына Казімірук.

Поўную праграму секцыі з тэмамі дакладаў можна спампаваць тут (pdf).

Мяркуецца, што прадстаўленыя на секцыі даклады будуць апублікаваныя.

Прысвечаная тэалогіі і гісторыі цэркваў секцыя праводзіцца ў межах Кангрэса даследнікаў Беларусі традыцыйна, пачынаючы з 2012 года, нязменна прыцягваючы вялікую колькасць удзельнікаў шырокага дысцыплінарнага спектру. Пры гэтым секцыя мае тэматычны характар, што дазваляе даследнікам разглядаць тэматычна пытанні і гістарычныя сюжэты з розных аспектаў.

congr2015-3
Удзельнікі секцыі. Сустрэча каля Свята-Духава сабора ў Вільні. 

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *