Праваслаўе можа быць прыцягальным

Знешне эстонскае праваслаўе мала чым адрозніваецца ад маскоўскага, хіба што асноўнай мовай набажэнстваў. Аднак тут яно нечакана падалося мне чымсці цікавым і нават прывабным.

— піша Дзмітры Галко для газеты “Новы час”

Жанчыны-сету і праваслаўныя святары. Крайні злева — мітрапаліт Стэфан

Я хрысціўся ў прыстасаваным пад храм брызентавым вайсковым намёце ў Мінску, на вуліцы Прытыцкага. У тым намёце з скрыпучым драўляным насцілам і печкай-буржуйкай было нешта ад духу першых хрысціянскіх цэркваў. І не толькі ў ім, уся праваслаўная царква здавалася жывой і свежай. Тады мне зусім не сорамна было прызнацца, што я праваслаўны, бо гэта азначала толькі прыняцце мной Хрыстовага дабравесця.

ДЫК ВЫ ВЕРЫЦЕ Ў БОГА? — НЕ, Я ПРАВАСЛАЎНЫ

Даўно няма таго намёту, а я цяпер хаваю сваю прыналежнасць да праваслаўнай царквы, хаця па-ранейшаму лічу сябе хрысціянінам.

Бо што азначае сёння быць праваслаўным у Беларусі або Расіі? Не ў сферы асабістага рэлігійнага досведу, а ў сацыяльным вымярэнні. У найлепшым выпадку — нічога. Працытую пачутае ў рэальным жыцці: «Дык вы верыце ў Бога? — Не, я праваслаўны, як усе». У найгоршым — гэта азначае, што ты мусіш падзяляць ідэю «славянскага братэрства», кляйміць «заходнія каштоўнасці» і падтрымліваць аўтарытарны рэжым, бо ён тым каштоўнасцям супрацьстаіць, быць нецярпімым і абмежаваным. І ў любым — несці частку адказнасці за сумнеўныя дзеянні і выказванні царкоўных іерархаў, якіх было нямала за апошнія гады.

«Беззаконны кіраўнік, уладалюбівы архірэй, фанатычны прыхільнік даўніны» — гэтых трох называў калісці праціўнікамі Хрыста ў сваім крэда а. Аляксандр Мень. Засцерагаючы, што яны належаць не толькі евангельскай эпосе, але адраджаюцца ў любы час, у розным выглядзе. Гэтыя трое, як мне падаецца, пачалі вызначаць мірское аблічча праваслаўя. Засланяючы сабой увесь рэлігійны змест і ўсю яго прыгажосць.

Сюды яшчэ можна дадаць «дух сектанцтва», пра які пісаў архіяпіскап Іаан Сан-Францыскі (Шахоўскі):

«У цяперашні час можна сустрэць “праваслаўнага” — сапраўднага сектанта па духу свайму: фанатычнага, нелюбоўнага, рацыянальна вузкага, які ўпіраецца ў чалавечую кропку, не таго, хто жадае, прагне праўды Божай, але перасычанага ганарлівай сваёй праўдай, які строга судзіць чалавека з вяршыні гэтай сваёй уяўнай праўды — вонкава дагматычна правай, але пазбаўленай нараджэння ў Духу».

У пэўны момант я пачаў думаць, што праблема ў самім праваслаўі. Маўляў, яно заганнае па сваёй прыродзе, рэакцыянерства закладзена ў яго генах, іначай і быць не можа.

Можа быць іначай, прычым тут і цяпер.

У ДРУГАРАДНЫМ — СВАБОДА

Я пераканаўся ў тым на ўласныя вочы, калі выпадкова трапіў на мерапрыемства, прысвечанае 90-годдзю аўтаноміі Эстонскай Апостальскай Праваслаўнай Царквы. Гэта быў традыцыйны злёт праваслаўнай моладзі Ortofest, што праходзіў у эстонскім пасёлку Вярска — цэнтры Сетумаа, гістарычнай вобласці пражывання народа сету, які вызнае праваслаўе з XVI стагоддзя.

Калісці рускія суседзі называлі сету «паўверкамі» — за наяўнасць у іх культуры шматлікіх язычніцкіх элементаў.

«Галоўны паганскі бог сету — Пеко ў народным эпасе папросту сустракаецца з Хрыстом, гутарыць з ім, раіцца… І яны ніколі не спрачаюцца, хто з іх галоўней», — піша галоўны рэдактар парталу gazeta.lv Віктар Падлубны.

Сету дасюль выбіраюць сабе караля ў першую суботу жніўня — галасуюць за яго, становячыся ў чаргу за прэтэндэнтамі, за кім чарга акажацца даўжэй, той і будзе каралём Сетумаа на цэлы год, будзе бачыць сны і расказваць пра іх свайму народу. Ён жа адначасова з’яўляецца прадстаўніком… бога Пеко.

Здавалася б, праваслаўная царква мусіць бязлітасна выкарчоўваць такое цемрашальства. Вунь, у Варонежскай вобласці бяскрыўдны Дзень Нэптуна з падачы царквы забаранілі. І дыякан Андрэй Кураеў, ці не найбольш вальнадумны праваслаўны публіцыст у Расіі на сённяшні дзень, выступіў у падтрымку гэтай забароны — бо гэта вам не жартачкі! Па той логіцы, што «сёння ты граеш джаз, а заўтра…»

Падобна, эстонскім святарам такая логіка не ўласцівая. Яны хутчэй кіруюцца прынцыпам іканаміі — развязвання спрэчных пытанняў з пазіцыі літасці, які дае магчымасць прымаць рашэнне, што парушае літару царкоўнага канону, але не супярэчыць яго духу. Ці лютэранскім (а Эстонія ўсё-ткі традыцыйна лютэранская краіна) прынцыпам адыяфоры — пад якой маецца на ўвазе тое, што не істотна для веры і выратавання, аднак можа быць дазволена хрысціянам.

Я не магу выступаць у ролі эксперта па такіх пытаннях, але мне здаецца, што спакойнае стаўленне да пэўных элементаў фальклору, народных звычаяў — пазіцыя больш разважлівая і вытрыманая.

Сакаріас Яаан Леппік, які служыць святаром у Вярска, расказаў, што калі бліжэй пазнаёміўся з сету, дык проста закахаўся ў іх. Ён з захапленнем распавядаў пра элементы іх культуры, нават пра добра знаёмую беларусам трапезу на могілках у Дзень памінання памерлых — традыцыю, якую ў нашых шыротах прынята бэсціць як нешта бязбожнае, антыхрысціянскае. Святар тлумачыў яе з хрысціянскага пункту гледжання — хіба не сведчыць тая трапеза пра непасрэднае перажыванне таго, што памерлыя застаюцца жывымі і мы можам падтрымліваць з імі сувязь?

У праграму мерапрыемства ўваходзілі народныя танцы сету на паляне пад канцэрціну (мініяцюрны гармонік). Не тое каб у нас танцы забараняліся праваслаўнай царквой, але дасюль можна сустрэць дыскусіі на тэму — грэх ці не грэх? А часам і меркаванні асобных святароў, што гэта ўсё-ткі «згубны» занятак. Звыклы да таго, што праваслаўныя дэманстратыўна цураюцца свецкіх забаваў, я быў троху здзіўлены лёгкасцю і нязмушанасцю, з якой танчылі ўдзельнікі злёту на вачах у мітрапаліта.

Зрэшты, сам мітрапаліт Стэфан здзівіў мяне яшчэ болей. І не толькі тым, што быў лёгка даступны для размовы, чым я і скарыстаўся. Увечары, калі ўдзельнікі сустрэчы ад розных краінаў прадстаўлялі які-небудзь нацыяльны музычны нумар, ён навучыў прысутных спяваць французскую дзіцячую песню «Le coq est mort» («Пеўнік памёр») з такім прыпевам: «Il ne dira plus co-co-di, co-co-da» («Ён больш не праспявае ку-ка-рэ-ку»). Французскую, бо мітрапаліт, грэк-кіпрыёт з паходжання, нарадзіўся ў Бельгійскім Конга, потым сорак гадоў жыў у Францыі.

Мітрапаліт Стэфан развучае з праваслаўнай моладдзю песню «Le coq est mort»

Марта Цалпіньска, старшыня Брацтва праваслаўнай моладзі ў Беластоку, сказала потым: «Гэта так… незвычайна. Ну, ведаеце, у нас мітрапаліт — вельмі сур’ёзная постаць, амаль недасяжная. Немагчыма ўявіць, каб ён вось так спяваў, тусіў проста разам з усімі».

Я спрабаваў крыху патроліць мітрапаліта і яго памочніка, запытаўшыся ў іх, ці не здаецца ім сур’ёзнай пагрозай тое, што эстонцы пастаянна чартыхаюцца. У літаральным сэнсе, некаторыя праз слова дадаюць — «kurat» (чорт, эст.).

Яны доўга не маглі зразумець, чаго я ад іх хачу. Памочнік з усмешкай прыгадаў, што «сам у маладосці часта ўжываў гэтае слова для запаўнення паўзаў». Але ў цэлым узнятая мной праблема падалася ім цалкам другараднай і не вартай увагі. Хай сабе чартыхаюцца, абы людзьмі былі добрымі.

Ёсьць вядомае хрысціянскае выказванне, якое дэкларуе: у другарадным — свабода («у галоўным адзінства, у другарадным свабода, ва ўсім — любоў»). Але ў нас сферу другараднага максімальна звужаюць, разам з ёй зводзячы на нішто і свабоду. Або запісваюць свабоду ў другараднае, маючы на ўвазе «непажаданае». Тым часам як тут сферу другараднага наадварот пашыраюць, пашыраючы разам з ёй і прастору свабоды.

У БАКУ АД ШЫРОКАГА ШЛЯХУ

Вышэй я казаў, што некалі пачаў бачыць праблему ў самім праваслаўі. Убранне царквы, літургічныя асаблівасці, знешні выгляд святароў, манера хрысціцца і станавіцца на калені — усё адштурхоўвала, здавалася матэрыяльным носьбітам заганнага рэакцыянерства.

Знешне эстонскае праваслаўе мала чым адрозніваецца ад маскоўскага, хіба што асноўнай мовай набажэнстваў. Аднак тут яно нечакана падалося мне чымсці цікавым і нават прывабным. Дастаткова было выйсці за межы Маскоўскага патрыярхату і «рускага свету». Каб царква стрэсла з сябе налёт дзяржаўнасці, перастала быць ідэалагічным аддзелам, збочыла з шырокага шляху, які вядзе вядома куды. Адным словам, вярнула сабе першапачатковае прызначэнне.

Я знайшоў пацвярджэнне таму, што гэта не толькі маё мімалётнае ўражанне. Пакуль Лютэранская царква, традыцыйная ў гэтым рэгіёне канфесія, губляе прыхаджанаў, колькасць праваслаўных расце. Не толькі ў Эстоніі, але і ў Фінляндыі, напрыклад.

У чым жа прыцягальнасць праваслаўнай царквы па-за межамі яе традыцыйнага панавання? Пэўна ж, ачышчаная ад статусу «традыцыйнай», яна мае прыкметы «вузкага шляху». Больш падрабязны адказ на гэтае пытанне можна знайсці ў бакалаўрскай працы, прысвечанай катэхізацыі, фінскай праваслаўнай верніцы Р.-Х. Кэмппі.

Прычыны пераходу ў праваслаўе, якія называюць празеліты, часам выглядаюць прадказальнымі. Яны скардзяцца на рэлігійнасць «без пахаў, колераў і смаку», слабасць і зменлівасць традыцый у лютэранстве, залішнюю пагоню за модай, тады як у праваслаўі яны знаходзяць «крэпасць, на якую можна абаперціся і пабудаваць хрысціянскае жыццё». Кагосці прываблівае большая містычнасць — як супрацьлегласць лютэранскаму рацыяналізму, што «імкнецца патлумачыць усё да канца», не пакідаючы месца для таямніцы. Багатае богаслужбовае жыццё, урачыстасць, прыгажосць, цеплыня — гэта не здзіўляе.

Але калі пра праваслаўную царкву гавораць, што яна «адкрытая для ўсіх», «блізкая», «літасцівая» і нават «вызваляючая», нічога не гаворачы пра яе ролю ў «збіранні зямель», «станаўленні дзяржаўнасці» і да т. п., тут брыво пачынае прыўздымацца: мо я чагосці не зразумеў у праваслаўі?

Чытаеш тамсама выказванні праваслаўных фінскіх святароў, прыўздымаецца і другое брыво. «Трэба прымаць адрозненні і разнастайнасць і не асуджаць нікога. Нельга стаць праваслаўным, калі хочацца асуджаць лютэранскую царкву і сваё ранейшае царкоўнае жыццё», — кажа адзін. «Нам не патрэбны багаслоўскі або маральны праваслаўны паліцэйскі», — сцвярджае іншы.

Міжволі думаеш: неяк яно… не па-праваслаўнаму гучыць.

ПРАМАСКОЎСКАЯ АРЫЕНТАЦЫЯ І АДСУТНАСЦЬ «УСЯЛЕНСКАЙ СВЯДОМАСЦІ»

Андрэйс Крускоп, латыш, чые продкі былі лютэранамі з 16 стагоддзя, ажаніўся на грузінцы і перайшоў у праваслаўе. Паводле яго словаў, «у выпадку змешаных шлюбаў з каталікамі або праваслаўнымі, лютэране амаль заўсёды прымаюць дэнамінацыю жонкі/мужа, бо ім усё роўна, а каталікам ці праваслаўным — не ўсё роўна».

У Латвіі, кажа Андрэйс, адток з лютэранства мае масавы характар. І тут справа не толькі ў змешаных шлюбах.

«Лютэранін — ў большай ступені релятывіст ў душы. А нават калі і не релятывіст, то лічачы, што Бог у яго ўсё роўна заўсёды ўнутры прысутнічае, дык няма патрэбы належаць да Царквы. Таму спачатку ўзнікае практыка рэдкага наведвання храма, а затым і яе поўная адсутнасць», — тлумачыць Андрэйс.

«Калі лютэранін не слабее ў веры і сур’ёзна паглыбляецца ў хрысціянскае веравучэнне, то ён рана ці позна не можа не сутыкнуцца з пытаннем таінстваў, іх дзеяння, іх законнасці (скажам, калі гаворка ідзе пра Еўхарыстыю, то непазбежна ўзнікае пытанне, а па якім праве пастар яе здзяйсняе — гэта значыць, пытанне аб неабходнасці таінства пасвячэння). Узнікае патрэба ў сакральным, чаго лютэранін у сваёй царкве, калі не лічыць выпадкаў самаўнушэння, не знаходзіць», — разважае мой суразмоўца.

Аднак, нягледзячы на тое, што Андрэйс «паставіўся сур’ёзна» да пераходу ў праваслаўе і «актыўна практыкаваў», урэшце ён перайшоў у каталіцтва. Бо сутыкнуўся ў праваслаўнай царкве з трыма праблемамі:

«1) Напружаныя адносіны паміж рускімі і латышамі ў рамках праваслаўных абшчынаў, адсутнасць усяленскай свядомасці; 2) Палітызаванасць — у сэнсе прамаскоўскай арыентацыі, распаўсюджванне ў храмах расісцкай літаратуры; 3) Неадпаведнасць таго, што святары кажуць аб каталіцызме і таго, што прысутнічае ў вартых даверу крыніцах, іншымі словамі — хлусня з боку святароў…»

Таму Андрэйс, знайшоўшы каталіцкую суполку, дзе панаваў «мірны дух сярод людзей розных нацыянальнасцяў», прыняў каталіцтва.

Заўважу, што падобныя праблемы не ўзнікаюць у аўтаномных цэрквах Фінляндыі і Эстоніі, якія знаходзяцца ў юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату.

Калісці мае знаёмыя праваслаўныя з БПЦ (МП) бэсцілі маю схільнасць да аўтакефаліі або ўніяцтва як патуранне нейкім другарадным эмоцыям, засяроджанасць на вонкавым і залішнюю палітызаванасць. Не разумеючы, што для чалавека, як сацыяльнай істоты, можа быць невыносным знаходжанне ў чужароднай абалонцы.

Дык, можа, з абалонкай нешта не тое, а не з тымі, хто ад яе вызваляецца?

Праваслаўе можа быць прыцягальным / Новы час

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *