Праваслаўны летнік Orthofest адбыўся ў эстонскай Вярсцы 25-28 ліпеня

Моладзь з Беларусі ўзяла ўдзел у праваслаўным моладзевым летніку Orthofest, які адбыўся 25-28 ліпеня ў Вярсцы (Эстонія). Мерапрыемства праводзіцца штогод, і сёлета было прымеркаванае да 90-годдзя аўтакефаліі Эстонскай Апостальскай Праваслаўнай Царквы. Летнік наведалі прадстаўнікі Эстоніі, Фінляндыі, Польшчы, Беларусі, Расеі, Францыі і Грэцыі.

Беларускія ўдзельнікі летніка
Беларускія ўдзельнікі летніка перад царквой у Вярсцы

У пятніцу раніцай удзельнікі маліліся на літургіі ў царкве св. Параскевы ў вёсцы Саатцэ, побач з расейскай мяжой, у этна-культурным рэгіёне Сетума. Удзел у літургіі ўзялі Мітрапаліт Талінскі і ўсяе Эстоніі Стэфан і Мітрапаліт Месагеі і Лаўрэоцікі Мікалай.

Жыхары вёскі, а таксама тыя, хто адтуль паходзіць, але жыве цяпер у іншых месцах (а такіх у некалькі разоў больш), разам са сваімі сямейнікамі па даўняй традыцыі збіраюцца на вясковае свята ў царкве. Царква стаіць на могілках, і сету перад пачаткам службы прыбіраюць магілы продкаў, упрыгожваюць іх, а таксама, падобна да беларусаў на Радуніцу, рыхтуюць вялікі пачастунак.

Пачастункі каля магілаў продкаў
Пачастункі каля магілаў продкаў

Пасля службы, кожная сям’я збіраецца каля магіл сваіх блізкіх, людзі, многія з якіх апранутыя ў традыцыйныя ўбранні сету, размаўляюць з суседзямі, дзеляцца сямейнымі навінамі, успамінаюць нябожчыкаў, паказваюць фотаздымкі, і частуюцца, а пасля — на вясковай плошчы перад царквой — адбываецца традыцыйны кірмаш, дзе можна пачаставацца самаробным марозівам, паслухаць музыку і патаньчыць.

На бабінцы перад царквой
На бабінцы перад царквой
Танцы
Танцы

У Саатцэ таксама знаходзіцца тры святыні. Асаблівая з іх — магіла закатаванага ў 1919 г. бальшавікамі святара мясцовай царквы Васіля Салоўскага, дзе знаходзіліся таксама нятленныя мошчы святога, адкрыўшы якія, перапужаныя спадкаемцы забойцаў святара вырашылі знішчыць, кінуўшы ў магілу гранату.  Да магілы быў праведзены хрэсны ход з каменным крыжам, які паходзіць з 15 стагоддзя і лічыцца цудатворным, а таксама храмавай іконай “Жыціе святой Параскевы Пятніцы”.

Каменны крыж 15 стагоддзя
Каменны крыж 15 стагоддзя

Пасля літургіі і кірмаша, удзельнікі летніка выправіліся ў экскурсію па Сатэма, наведалі саляныя пячоры, у якіх жывуць кажаны, а таксама розныя храмы ў рэгіёне.

Мая з Фінляндыі і Наталля з Беларусі
Мая з Фінляндыі і Наталля з Беларусі

Увечары усіх чакала прамова мітрапаліта Стэфана пра свабоду і правы чалавека, якая спарадзіла дыскусіі і пытанні — чаму важная свабода для самога чалавека, у царкве і ў грамадстве.

На наступны дзень дыскусіі працягнуліся ўжо з Мітрапалітам Мікалаем, які быў фізікам, вучыўся ў Гарвардзе і Масачусэцкам тэхналагічным універсітэце, дзе атрымаў магістэрскую і доктарскую ступені, дзе таксама выкладаў, супрацоўнічаў з касмічным агенцтвам НАСА, займаўся медыцынскімі даследаваннямі (у тым ліку, пытаннямі біяэтыкі), вывучаў багаслоўе ў семінарыі св. Крыжа ў Бостане, і ў 1989 г. прыняў манаства, жыў на Афоне ў манастыры Сіманапетра, быў настаяцелем падвор’я манастыра недалёка ад Афін. Мітрапаліт падзяліўся з моладдзю сведчаннямі пра сустрэчы са святымі людзьмі, расказаў, якім бачыць царкоўнае жыццё, адказаў на пытанні.

 

Мітрапаліт Мікалай
Мітрапаліт Мікалай
Праваслаўная моладзь з Польшчы
Праваслаўная моладзь з Польшчы

Пасля абеду ўсіх чакалі традыцыйныя эстонскія танцы на палянцы і адпачынак каля возера. Увечары ўсіх чакала культурная праграма, якую рыхтавалі самі ўдзельнікі. Напачатку святар Захарыя Лепік, вядомы эстонскі інтэлектуал, музыка, журналіст, этнограф, які, да таго, як стаў святаром, нават паспеў пабыць членам эстонскага парламенту, расказаў, як прыехаў у Сатэма, пазнаёміўся з культурай і ладам жыцця сету і проста “закахаўся” ў гэты невялікі народ. Ён закрануў асаблівасці мясцовых традыцый і міфалогіі, святаў і абрадаў, а таксама, як яны спалучаюцца з праваслаўнай верай.

святар Захарыя і Мітрапаліт Стэфан
святар Захарыя і Мітрапаліт Стэфан

Потым да позняга вечара ўдзельнікі спявалі, таньчылі, прадстаўлялі сваю краіну. Мітрапаліт Стэфан, кіпрыёт з паходжання, які нарадзіўся і правёў дзяцінства ў Афрыцы, і доўгі час жыў у Францыі, дзе і стаў святаром, для культурнай прэзентацыі абраў французскую песню пра пеўніка, і вучыў моладзь спяваць яе.

Гульня
Гульня

Палякі з Беласточчыны дапамагалі вялікай беларускай дэлегацыі спяваць народныя беларускія спевы, некалькі песень прагучалі ў выкананні дуэта Рамана Яраша і Юлі Ліцьвінавай.

Беларускія песні
Беларускія песні

На наступны дзень, у нядзелю, усе разам удзельнічалі ў літургіі ў Вярсцы, кожны спяваў ці чытаў на сваёй мове, казанне на Евангельскі ўрывак дня падрыхтаваў страшыня Праваслаўнага моладзевага аб’яднання Эстонскай Апостальскай Праваслаўнай Царквы Таўры Тольп. Беларуская дэлегацыя, з дапамогай Таццяны Салагуб з Францыі, якая мае беларускія карані, заспявала духоўны гімн “Дай, добры Божа”

Удзельнікі з розных краін
Удзельнікі з розных краін

Чытайце таксама:

Рэпартаж Дзьмітрыя Галко “Праваслаўе можа быць прыцягальным”

Рэпартаж Наталлі Гарковіч “Свята 90-годдзя Аўтаноміі Эстонскай Апостальскай Праваслаўнай Царквы, рэгіён Сэттома і спяваючы мітрапаліт”

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *