13 лістапада ў бібліятэцы Свята-Міхайлаўскага прыходу (г. Мінск, Сухарава) прайшоў французскі дзень у межах праекту “Царква ў разнастайнасці” пад назвай “Святая Галія: хрысціянства ў Францыі”. Сустрэчу зладзіў Цэнтр “Экумена” ў супрацоўніцтве з Мінскім Свята-Міхайлаўскім прыходам і Мінскім Еўрапейскім клубам. На мерапрыемстве выступілі госці з Францыі — прыёр экуменічнай супольнасці Тэзэ брат Алоіс, які расказаў пра хрысціянскае моладзевае служэнне ў Францыі і ва ўсёй Еўропе і досведе супольнасці; Данііл Струвэ з Экзархату прыходаў рускай традыцыі Ўсяленскага Патрыярхату, член рэдакцыйнай рады часопісаў Messager Orthodoxe і “Вестник РХД”, Кірыл Салагуб, старшыня слыннай арганізацыі “Рускі студэнці хрысціянскі рух”, а таксама Жульет Каган, выкладчыца французскай мовы ў Мінску — яны расказалі пра жыццё праваслаўнай Царквы ў Францыі, пра яе дух, традыцыі і праблемы, а таксама пра асаблівае служэнне ў Заходняй Еўропе. Апроч таго, з прэзентацыяй пра гісторыю Праваслаўнай Царквы ў Францыі выступіла Наталля Васілевіч. У выкананні маладзёвага хору Вісон прагучаў шэраг праваслаўных спеваў.
Сустрэча выклікала вялікую цікавасць сярод прыхаджанаў розных прыходаў г. Мінска, паслухаць выступоўцаў прыйшло каля 50-ці чалавек. Сустрэча скончылася свабоднымі гутаркамі з удзельнікамі.
Больш прачытаць і паглядзець фотаздымкі можна:
Фотаальбом Г. Звездінай “Церковь во Франции” на фэйсбук