Пачалася праца над перакладам твораў мітр. Антона Суражскага

Цэнтр “Экумена” у супрацоўніцтва з фондам “Духоўная спадчына мітр. Антона Суражскага” пачаў працу над перакладам твораў мітр. Суражскага Антона на беларускую мову. У працы прымаюць удзел — Раман Абрамчук, Наталля Васілевіч, Уладзімер Лянкевіч, Ганна Міхальчук. Мяркуецца, што напачатку перакладніцкі гурток зробіць беларускую версію серыі “Ў што мы верым”, а першай кнігай стане “Быць хрысціянінам”, у якую ўвайшлі некалькі гутарак Мітр. Антона на асноўныя тэмы хрысціянскага жыцця — пра шлюб, пра смерць, пра веру, пра хрысціянства і інш. Арыгінал гэтай кнігі — на рускай мове.

Беларуская рэлігійная лексіка знаходзіцца ў стадыі свайго станаўлення, таму задачай перакладчыкаў, акрамя непасрэдна перакладу тэкста, з’яўляецца распрацоўка такой лексікі, якая б была адэкватнай і ў лінгвістычным, і ў багаслоўскім плане.

Ідэя супольнай працы ўзнікла на кансультацыі Цэнтральна-Еўрапейскага рэгіёну Сусветнага брацтва праваслаўнай моладзі “Сіндэсмас” на тэму “Праваслаўная Царква і нацыянальная мова ў сучаснай Беларусі“, якая адбылася 14-16 ліпеня 2008 г. пад Лідай. Кансультацыя была арганізаваная ў супрацоўніцтве з брацтвам праваслаўнай моладзі св. Даўмонта Пскоўскага (г. Ліда), сястрынства св. Еўфрасіні Полацкай (г. Ліда) і прадстаўніцтва часопіса “Вестник РХД”  у Беларусі. Летнік сабраў маладых беларускіх праваслаўных актывістаў, філолагаў, публіцыстаў, святароў, зацікаўленых у пашырэнні ўжытку беларускай мовы ў праваслаўнай царкве і распрацоўцы рэлігійнай лексікі беларускай мовы.

Пераклад ажыццяўляецца ў межах “Перакладніцкай майстэрні” Цэнтру “Экумена”.

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *