All posts by Ганна Радзько

У Ірландыі адбылася канферэнцыя Сусветнай Студэнцкай Хрысціянскай Федэрацыі

Ireland Conference

У Ірландыі 7-11 кастрычніка 2017 года адбылася канферэнцыя Сусветнай Студэнцкай Хрысціянскай Федэрацыі (WSCF). У канферэнцыі прынялі удзел прадстаўнікі 16 краінаў, у тым ліку Беларусі – Ганна Радзько і Валерыя Саўлевіч. Ганна займаецца міжнароднымі адукацыйнымі і інтэграцыйнымі праектамі, валанцёрыць на моладзевых сустрэчах Тэзэ. Валерыя займаецца багаслоўскімі даследаваннямі ў галіне міграцыі, прымае актыўны ўдзел у экуменічных адукацыйных мерапрыемствах, працавала валанцёркай у сетцы студэнтаў праграмы Эразмус.

Падчас сустрэчы ўдзельнікі і ўдзельніцы абмеркавалі тэмы інтэграцыі ўцекачоў і мігрантаў праз адукацыю, а таксама ролю царкоўных супольнасцяў у вырашэнні міграцыйнага пытання. У кожнага з удзельнікаў была магчымасць арганізаваць семінар, распавесці пра свой уласны досвед працы у сацыяльный сферы, сферы адукацыі ці з царкоўнымі супольнасцямі. Асаблівасцю канферэнцыі была таксама магчымасць пазнаёміцца з экспертамі у сферы адукацыі і даведацца, як анлайн платформы могуць дапамагчы, калі ў рэальных умовах людзі не могуць наведваць універсітэты, як дыстанцыйныя курсы могуць спрыяць інтэграцыі, як пераклады на розныя замежныя мовы і стварэнне мульцімоўнай атмасферы ў школах і універсітэтах дапамагае адапціравацца.

Адной з тэмаў было абмеркаванне ролі цэркваў у працэсах інтэграцыі. Па-першае, царква часта становіцца домам для мігрантаў, калі ў іх няма свайго дома. Калі людзі пераязджаюць на новае месца, то яны часта шукаюць прыход царквы сваёй канфесіі і, вельмі часта, культурнай традыцыі рэгіёна, з якога яны паходзяць. Царква – гэта бяспечная прастора, дзе можна атрымаць дапамогу. Гэта можа быць матэрыяльная, інфармацыйная дапамога, а таксама пастарская падтрымка, духоўная і душэўная дапамога ў цяжкія часы.Царква – гэта сетка кантактаў і ўзаемаадносін. Яна дае пачуццё прыналежнасці, магчымасць знаходзіць агульнае, нават калі на прыходзе збіраюцца людзі з вельмі розным культурным досведам. Царква і рэлігійныя суполкі маюць вялікі патэнцыял, які можа спрыяць інтэграцыі. На жаль, фактам з’яўляецца і тое, што цэрквы і суполкі ва ўмовах міграцыі могуць запаволіць інтэграцыйныя працэсы. Гэта здараецца ў тым выпадку, калі яны складаюцца выключна з людзей аднаго веравызнання ці нацыянальнасці і не імкнуцца інтэграваць уласную традыцыю ў новую культурную прастору.

Пасля канферэнцыі прайшла асамблея ERA – European Regional Assembly. Па выніках сустрэчы, студэнцкая хрысціянская асацыяцыя з Утрэхта далучылася да сеткі партнёрскіх арганізацый, за што ўсе ўдзельнікі прагаласавалі станоўча. Акрамя гэтага, была абраная новая каардынатарка праектаў — Ліна Леанавічутэ (Літва), а каардынатарам па сувязях у рэгіёне стала Луіза Кляйн (Нямеччына).